УКРАІ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕ́РАЎ (УПСР),
палітычная партыя на Украіне ў 1917—21. Аформілася ў крас. 1917 шляхам аб’яднання ўкр. груп і гурткоў, што вылучыліся з рас. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў) пасля Лют. рэвалюцыі 1917. Праграма спалучала ідэі народніцтва і ўкр. нац. дзяржаўнасці. Друкаваны орган газ. «Боротьба» («Барацьба»). Лідэр УПСР М.С.Грушэўскі да крас. 1918 узначальваў Укр. цэнтральную раду, дзе эсэры мелі значную колькасць месцаў. УПСР ініцыіравала Брэсцкае пагадненне рады з дзяржавамі герм.-аўстр. блоку (9.2.1918). У маі 1918 ад яе адкалолася левае крыло, якое ўтварыла партыю барацьбістаў. З ліст. 1918 уваходзіла ва Укр. дырэкторыю (гл. Украінскай дырэкторыі ўрад). Распалася неўзабаве пасля заканчэння грамадз. вайны і інтэрвенцыі.
т. 16, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)